КУЛЬТУРАЛАГІ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

неігравы фільм, прысвечаны тэмам гісторыі, культуры, мастацтва; жанрава-тэматычная мадэль сусв. кінамастацтва. Сфарміраваўся на стыку дакумент. і навук.-папулярнага кінематографа як абагульненае культуралагічнае даследаванне з вобразным асэнсаваннем інфармацыі; у ім суадносяцца маст. і навук. пачаткі.

У сусв. кінамастацтве ўзнік у Францыі на аснове фільмаў пра выяўл. мастацтва «д’ар»; з цягам часу тэматыка мастацтвазнаўчых фільмаў пашыралася.

У бел. кіно К.ф. развіваецца з сярэдзіны 1980-х г., калі бел. кінематаграфісты звярнуліся да стварэння бел. нац. экраннай гіст.-культ. анталогіі. Першыя фільмы структурна і стылістычна нагадвалі кіналекцыі («Цішка Гартны», «Быў. Ёсць. Буду», абодва 1988, рэж. Ю.​Цвяткоў; «Ефрасіння Полацкая», 1989, рэж.

В.​Моракава; «Гетман найвышэйшы», 1992, рэж. В.​Каралёў; «Дзядзька Уласаў», 1992, рэж. Ю.​Лысятаў; «Ян Чачот», 1993, рэж. В.​Сукманаў), асн. ўвага аддавалася слоўнаму каментарыю і ілюстрацыйнасці. Паступова сфарміравалася жанравая мадэль, якая спалучае асв. і эстэт. мэты; у фільмах апрача слоўнага каментарыя сталі выкарыстоўвацца разнастайныя маст. сродкі. Сярод найб. значных К.ф.: «Рэха збройнага чыну», «Вянок цярновы васількоў» (рэж. абодвух С.​Гайдук), «Магдэбургскае права» (рэж. Сукманаў, усе 1992), «Успамін пра Міколу Равенскага» (1993, рэж. М.​Жданоўскі), «Паланэз для касінераў» (1994, рэж. Р.​Ясінскі), «Жыві ў свабодзе» (1997, рэж. С.​Пятроўскі) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 18, кн. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)